ІНДУ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖВІРО́ВА-ПЯСЧА́НАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ І ПЯСКУ́,

у Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Індура. Паклад звязаны з камавымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял і пяскі шаравата- і буравата-жоўтыя, пяскі дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 18,4 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,7—15,9 м, ускрышы (тонказярністыя пяскі, супескі) 0,5—5 м. Жвірова-пясчаны матэрыял і пяскі прыдатныя ў дарожным буд-ве. Радовішча распрацоўваецца.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)